НІ́КЕЛЮ СУЛЬФА́Т,
хімічнае злучэнне нікелю з сернай кіслатой, NiSO4. Жоўтае крышт. рэчыва, шчыльн. 3680 кг/м³, пры награванні вышэй за 700 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. З водных раствораў крышталізуецца ў выглядзе ізумрудна-зялёнага гептагідрату ці нікелевага купарвасу NiSO4 7H2O; у прыродзе мінерал марэназіт. Атрымліваюць узаемадзеяннем нікелю, яго аксіду NiO, гідраксіду Ni(OH)2 ці гідроксакарбанату з сернай к-той. Выкарыстоўваюць нікелевы купарвас для атрымання чыстага электралітычнага нікелю, інш. злучэнняў нікелю і нікельзмяшчальных каталізатараў, як кампанент электралітаў у гальванатэхніцы (гл. Нікеліраванне), а таксама як фунгіцыд.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)